КУВЕ́ЙЦКІ КРЫ́ЗІС 1990—91.
Выкліканы даўнімі ірака-кувейцкімі супярэчнасцямі. У 1961 Ірак перашкаджаў прыёму Кувейта ў Лігу араб. дзяржаў (ЛАД), сцвярджаючы, што той з’яўляецца часткай Ірака. У 1990 прэзідэнт Ірака С.Хусейн абвінаваціў Кувейт у перавышэнні квот Арг-цыі экспарцёраў нафты, у штучным паніжэнні цэн на нафту на сусв. рынку і незаконнай здабычы нафты са свідравін, што належалі Іраку. 2 жн. іракская армія ўварвалася ў Кувейт і акупіравала яго; эмір і ўрад Кувейта пакінулі краіну. 8 жн. ўрад Ірака абвясціў пра анексію Кувейта, а 28 жн. ператварыў яго ў іракскую правінцыю. Савет Бяспекі ААН асудзіў дзеянні Ірака, 6 жн. ўвёў супраць яго эканам. санкцыі. Ірак асудзіла і большасць членаў ЛАД. 7 жн. па просьбе караля Фахда ў Саудаўскай Аравіі высадзіліся войскі ЗША. 29 ліст. рэзалюцыяй ААН яны (сумесна з кантынгентамі 27 інш. краін) атрымалі статус Шматнац. сіл (ШС) на чале з амер. ген. Н.Шварцкопфам. ШС мелі 670 тыс. чал., 3,5 тыс. танкаў, 1,8 тыс. самалётаў супраць 500 тыс. чал., 4,5 тыс. танкаў, 550 самалётаў у Ірака. 17.1.1991 ШС пачалі масіраваныя бамбардзіроўкі тэр. Ірака, 24 лют. — наземную аперацыю «Бура ў пустыні». 26 лют. Ірак абвясціў аб вывадзе войск з тэр. Кувейта, 28 лют. аб перамір’і абвясцілі і ЗША. 6.4.1991 Ірак падпісаў перамір’е і абавязаўся выплачваць Кувейту рэпарацыі, ліквідаваць усю хім. і бактэрыял. зброю, усе прамысл. аб’екты па вытв-сці ядз. зброі. Адбыўся абмен палоннымі, паміж Іракам і Кувейтам створаны «пояс бяспекі». Для назірання за ўмовамі перамір’я створана Спец. Камісія ААН (ЮНСКОМ).
т. 8, с. 556
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)